ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,

выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.Глінскі (брат М.Глінскага) і мазырскі намеснік Я.Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял. кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)